ІНГІБІ́ТАРЫ ХІМІ́ЧНЫЯ,
рэчывы, якія зніжаюць скорасць працякання хім. рэакцый. Выкарыстоўваюць для прадухілення ці запавольвання непажаданых працэсаў: старэння палімераў (гл. Стабілізатары), акіслення паліва і змазачнага масла, харч. тлушчаў, лек. прэпаратаў (гл. Антыаксіданты), карозіі металаў.
Інгібітары карозіі, хім. злучэнні ці іх кампазіцыі, прысутнасць якіх у каразійна-агрэсіўным асяроддзі запавольвае карозію металаў. Ахоўнае дзеянне абумоўлена іх здольнасцю мяняць кінетыку электрахім. рэакцый, што адбываюцца пры карозіі. У адпаведнасці з гэтым падзяляюць на анодныя, катодныя і змешаныя. Выкарыстоўваюць для аховы ад карозіі абсталявання і трубаправодаў газа-, нафтаздабыўной, перапрацоўчай прам-сці, сістэм ахаладжэння і прамысл. водазабеспячэння і інш.
т. 7, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)